Беларуская Служба

Мастак: Для беларускіх мастакоў Падляшша - як Мекка

28.02.2024 16:00
На гэтым тыдні ў галерэі „Крэсы Мастацтва” ў вёсцы Пагарэльцы непадалёк Белавежы была адчынена выстава мастацкіх працаў, якія былі намаляваныя падчас пленэру „Колеры супакою”.
Аўдыё
  • Для беларускіх мастакоў Падляшша як Мекка
 .
Праца Э.Галуставафота: Яраслаў Іванюк

У пленэры прынялі ўдзел 15 мастакоў, сярод якіх былі таксама і беларусы.

Наагул, падчас мастацкіх пленэраў, якія адбываюцца на Падляшшы, вельмі часта можна сустрэць мастакоў з Беларусі. Звычайна гэта магчымасць паразмаўляць па-беларуску і сустрэцца са сваімі аднадумцамі, але таксама памяняцца вопытам і пазнаёміцца з польскімі мастакамі. У такім пленэры, які ўжо 6-ы раз прайшоў у вёсцы Пагарэльцы непадалёк Белавежы, удзелнічала, між іншым, Таццяна Козік, вядомая дагэтуль больш як мастачка па тэкстылю.

- Тут такое вельмі добрае і спакойнае месца. Кожны раз можна назіраць, як пачынаецца новы дзень і сканчваецца, і ізноў пачынаецца разам з надвор’ем, якое мяняецца кожную хвіліну. Мы ўвесь час працуем, назіраем за асяроддзем, як яно мяняецца. Да нас на панадворак нават зубры прыходзілі. Так што пленэр вельмі файны, - кажа Таццяна Козік.


Таццяна Козік Таццяна Козік

Словы мастачкі пацвярджае таксама Эдуард Галустаў, які ўжо каторы раз прымаў удзел у пленэры на Падляшшы:

- Пленэр вельмі добры, цікавы, такі невялікі пленэр. На атмасфэру ўплывае нават тое, што тут ёсць магчымасць правесці гэтыя некалькі дзён у такіх амаль аўтэнтычных хатках, якія толькі крыху перабудаваныя пад сучасныя умовы.

- Звычайна вашыя працы маюць такіх казачны характэр. Ці падчас пленэру малюеце іншае?

- Сапраўды, іншае. Гэта ўжо мой чацьвёрты пленэр на Падляшшы, і цяпер я ехаў з такой мэтай, каб маляваць звычайныя пейзажы, якія маляваў яшчэ да 2010 году. Шчыра кажучы, да гэтага часу я маляваў выключна пейзажы. І я заўсёды, як толькі ёсць такая магчымасць, з ахвотай вяртаюся да сваіх вытокаў. І зараз таксама маляваў пейзажы. Такія даволі, можа скажам, сумныя, шэрыя, але рэчаіснасць такая… Сонейка не было. Бо калі з’яўляецца сонейка, то ўсё выглядае зусім па другому. Я вельмі на гэта спадзяваўся, але на гэты раз сонейка выглянула толькі раз раніцай і не толькі нельга было паспець нешта намаляваць, але нават здымка не паспеў зрабіць.

Беларускія мастакі прызнаюць, што Падляшша гэта вельмі добрае месца на правядзенне мастацкіх пленэраў, асабліва з удзелам беларускіх мастакоў.

- Для мяне, для беларускіх мастакоў Падляшша як Мекка. Кожны пленэр гэта таксама магчымасць памяняцца поглядамі пра творчасць. Кожны працуе ў зусім іншых тэхніках ці стылях. Для мяне яшчэ такі важны момант, калі можна з мастакамі, сваімі сябрамі пагаварыць па-беларуску. Адчуваеш сябе сярод сваіх. Тут нават дзяўчыны полькі, але ведаюць нашыя беларускія песні. І мы разам спявалі „Купалінку”. А калісці ў Нарве я быў шакаваны, калі я пачынаў спяваць беларускую песню, усе са мной яе спявалі. На чале з войтам гміны. А тут амаль жа такая гісторыя, - гаворыць Эдуард Галустаў.

Яраслаў Іванюк

слухайце аўдыё